07-08.08.04, Аўкштадварыс,Коўна, Вільня, Рэспубліка Летува.

Падарожжа ў Летуву.

7-8 жніўня група сябраў "Правага альянсу" наведала Рэспубліку Летува. Мэтай візіту быў семінар у г. Каўнас па развіццю і падтрымцы мясцовага самакіравання і тэрытарыяльных абшчын. У межах семінара адбыліся сустрэчы з дэпутатам Каўнаскага раённага савета Сп. Данатасам Янкаўскасам і экспертам у вобласці сацыяльных тэхналогій Спр. Анутай Бабравічэне.

Пад час семінараў прадстаўнікі летувіскага боку падзяліліся досведам у арганізацыі і правядзенні прадвыбарчай кампаніі, прывялі прыклады ўдалай рэалізацыі летувіскімі дэпутатамі і актывістамі сацыяльна значных праграмаў, выказалі сваё бачанне таго, як трэба будаваць узаемаадносіны паміж выбаршчыкамі і прадстаўнікамі грамадскіх арганізацыяў, а таксама бачанне месца СМІ у гэтых узаемадачыненнях. Акрамя гэтага прадстаўнікі ПА азнаёміліся з структурай і арганізацыяй мясцовага самакіравання ў Летуве. Па сканчэнню семінара, сябры ПА мелі час дзеля нефармальных размоў з прадстаўнікамі летувіскага боку.

Наступным пунктам візіту было абрана маленькае мястэчка Аўкштадварыс, дзе удзельнікі семінару на свае вочы пабачылі тыя станоўчыя вынікі, якія дае развіццё мясцовага самакіравання. Поспехам гэтай сельскай абшчыны стала рэалізацыя некалькіх сацыяльных праектаў, фундатарам якіх стаў Еўрасаюз. Сэнс гэтых праграм палягаў у тым, каб раазвіць мясцовую інфраструктуру да ўзроўню прывабнага дзеля еўрапейскіх экатурыстаў. І на сённяшні дзень у Аўкштадварысе налічваецца каля пяці дамоў адпачынку сельскага тыпу(якія належаць мясцоваму насельніцтву), у якіх заўжды адпачываюць турысту з усёй Еўропы.

Трэба зазначыць, што адваротны шлях праваальянсаўцаў на Радзіму пралягаў праз Вільню - сталіцу старажытнай беларускай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, дзе знаходзіцца святыня ўсіх беларусаў - Вострая Брама. Менавіта фотаздымак на фоне гэтага нацыянальнага сімвалу і магчымасць дакрануцца да яго муроў стаў найкаштоўнейшым вынікам падарожжа для некаторых сябраў ПА.

Ю. Меляшкевіч

фотакаментар