21.06.05, Менск.

ПЕРШЫ СХОД ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ МЕНСКАГА ГАРАДЗКОГА РЭФЭРЭНДУМУ СУПРАЦЬ ПЕРАЙМЕНАВАНЬНЯ ВУЛІЦАЎ І ПРАСПЭКТАЎ

У сядзібе Партыі БНФ адбыўся першы сход ініцыятыўнай групы для правядзеньня менскага гарадзкога рэфэрэндуму супраць перайменаваньня вуліцаў і праспэктаў. Падчас сходу, удзел у якім узялі каля 100 менчукоў, былі абраныя старшыня групы і раённыя адказныя за яго правядзеньне. Далі згоду на ўдзел у працы ініцыятыўнай групы й падпісалі адпаведную заяву, каля 150 чалавек. У ініцыятыўную групу ў гэты дзень было ўключана 25 сябраў "Правага Альянсу". На працягу тыдня яны павінны зарэгістраваць гэтыя заявы ў натарыяльнай канторы, а ў наступную сераду плянуецца падаць усе дакумэнты для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў Менскі гарвыканкам. Як адзначыў старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, “мы пратэстуем супраць чарговага ламаньня дэмакратыі й прынцыпу падзелу ўладаў, бо Лукашэнка сваім указам аб перайменаваньні вуліцаў уварваўся ў прэрагатыву гарадзкіх ўладаў. Але мы пратэстуем і супраць гвалту над беларускай гісторыяй. Толькі ўлада, якой пляваць на каштоўнасьці людзей, магла здабыцца на такое рашэньне. Яно было не выпадковым капрызам, а лягічным разьвіцьцём лініі на яўнае патаптаньне волі й годнасьці беларускага народу, на выпрабаваньне, колькі яшчэ запасу цярплівасьці ў яго ёсьць. Я ўсьцешаны, што мяжа цярплівасьці ўжо відавочная”.

Пасьля сходу В.Вячорка ўручыў старшыні маладзёвай дэмакратычнай арганізацыі "Правы альянс" Юрасю Карэтнікаву экзэмпляр "Беларускага клясычнага правапісу" са словамі: “Праваму альянсу” зь верай і перакананьнем, што разам адродзім сапраўдную Беларусь”. ПА дзякуе і вітае выданьне гэтае кнігі, якая прадстаўляе сабой ўнармаваны збор правілаў сапраўднае беларускае мовы. Цяпер стала магчымым з поўным разуменьнем выкарыстоўваць клясічны правапіс ў выданьнях, перапісцы і сайце арганізацыі. У хуткім часе кніга будзе даступна шырокаму чытачу.