27.05.05,
Менск.
Прадстаўнікі Цэнтральнае Рады ПА сустрэліся з прадстаўнікамі Ініцыятывы Сярэдняй і Усходняй Эўропы. Адбылася ўзаемная прэзентацыя дзейнасьці арганізацый і знаёмства паміж удзельнікамі арганізацый.
Паводле аднаго з каардынатараў Йёрна Кауфхольда, прадстаўнікі гэтай нямецкай ініцыятывы ўпершыню наведваюць Беларусь. Мэта візыту – азнаямленьне з працай мясцовых недзяржаўных арганізацыяў і ініцыятываў, усталяваньне кантактаў зь імі, абмеркаваньне магчымасьці далейшай супрацы. Арганізацыя Ініцыятывы Сярэдняй і Усходняй Германіі маюць 23 філіялы ў розных эўрапейскіх краінах, якія спэцыялізуюцца на розных галінах грамадзкай дзейнасьці.
Як адзначыў сп. Кауфхольд, рэальная сытуацыя з НДА у Беларусі стала для яго “сюрпрызам”. “Мы ведаем, што ў Беларусі існуюць вялікія цяжкасьці й з рэгістрацыяй, і з арганізацыяй дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў, і нас уразіў той энтузіязм і фантазія, з якой працуюць НДА нават у невялікіх гарадах. У нас склалася вельмі добрае ўражаньне аб беларускіх НДА, і мы маем намер зладзіць з тымі, хто гэтага пажадае, больш цесную супрацу. Мы зацікаўленыя ў кантактах з Беларусьсю”, -- сказаў сп. Кауфхольд.
Трэба адзначыць, што ў нямецкім грамастве зараз існуе вялікі інтарэс да Беларусі. Таму некаторыя філіялы ІСУЭ займаюцца выключна інфармаваннем нямецкіх грамадзянаў пра падзеі на Беларусі, пра культуру і гісторыю Беларусі.
Многія з прысутных нямецкіх студэнтаў добра размаўлялі па-беларуску.