01-02.10.05,
Палац культуры МАЗ, Менск.

Прамова Юрыя Карэтнікава на Кангрэсе дэмакратычных сіл.
Добры дзень, шаноўнае спадарства, паважаныя ўдзельнікі кангрэсу. Я рады прывітаць Вас ад імя моладзевай арганізацыі Правы Альянс.
Усе мы разумеем і падтрымліваем высокія мэты дадзенага кангрэсу, але вельмі хацелася, каб кожны дэлегат за гэтыя 2 дні працы нашага сходу сапраўды змог пераканацца ў тым – што ў нас зьявіўся шанец здабыць перамогу 2006, а пасля кангрэсу данёс гэтую пераканаўчасьць у рэгіёны і асяродкі да тых - хто яшчэ ня вызначыўся, сумняецца, ня верыць, баіцца.
Сёньня тут гучала шмат прапановаў і ідэяу наконт таго што павінна быць у праграме “адзінага”. Асноўнае, што мусіць быць закладзена ў падмурак – гэта беларуская нацыянальная ідэя.
Сыходзячы з таго, што за апошнія 11 год колькасьць беларусаў зьменшылася болей, чым на 500 тыс. І ведаючы тое, што пры захаваньні такой дынамікі можа стацца так, што ўжо ў наступным ХХІІ ст. на гэтай зямлі будуць жыць хто заўгодна - толькі не беларусы, мы лічым - што ў праграме адзінага кандыдата мусіць быць сур'ёзна акрэсьлена гэтая праблема з прапануемымі ім захадамі дзеля зьмяненьня склаўшыхся тэндэнцый.
Аднойчы адзін з амэрыканскіх прэзідэнтаў сказаў: каб перамагчы на выбарах у ЗША - неабходна паціснуць некалькі мільёнаў рук выбаршчыкаў. Я крыху перайначу: каб перамагчы на выбарах адзінаму ў Беларусі - небходна паціснуць столькі ж рук як і ў Амерыцы, працуючы штодзенна і штоночна, стаптаўшы пры гэтым не адну пару абутку. Таму мы хацелі бы падараваць таму адзінаму, які будзе абраны кангрэсам - пару ботаў, але з парадай стаптаць падчас кампаніі ў наступным годзе яшчэ некалькі.
І на развітаньне хачу пажадаць плённай працы ўсім удзельнікам кангрэсу, бо толькі ад нас і нашай працы залежыць як хутка надыйдзе той дзень, які стане гістарычным днём для ўсяго беларускага народа! Жыве Беларусь!